ЭКСДЫВІ́ЗАРСКА-ТАКСА́ТАРСКІ СУД,
часовы суд у Беларусі і Літве ў канцы 16—1-й пал. 19 ст. па падзеле землеўладання неплацежаздольнага даўжніка паміж крэдыторамі прапарцыянальна іх прэтэнзіям. Уведзены Статутам ВКЛ 1588. Выконваўся падкаморым паводле пастановы земскага суда або Трыбунала Вялікага княства Літоўскага адпаведна чарговасці іскаў. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі Э.-т.с. прызначаліся гал. судамі губерняў звычайна ў складзе 3 членаў земскага суда, рэгента і каморніка, а калі справа датычыла значных маёнткаў, то і да 12 членаў. Скасаваны разам са Статутам ВКЛ у 1840.
Я.К.Анішчанка.
т. 18, кн. 1, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)